ЦЭНТР КІРАВА́ННЯ ПАЛЁТАМІ (ЦКП) касмічных лятальных апаратаў, установа, якая ажыццяўляе цэнтралізаванае аператыўна-тэхн. кіраванне палётам касмічнага апарата (КА) з моманту вываду яго на арбіту да заканчэння актыўнага існавання.

Асн. складальная частка ЦКП — інфармацыйна-выліч. комплекс, які прымае, апрацоўвае, аналізуе, адлюстроўвае і дакументуе інфармацыю, што паступае з КА, касмадрома, пошукава-выратавальнага комплексу, наземных вымяральных і плывучых камандна-вымяральных пунктаў з выкарыстаннем сістэм спадарожнікавай сувязі. Непасрэднае кіраванне палётам КА адбываецца са спец. рабочых месцаў, на якія паступае неабходная інфармацыя і якія абсталяваны экранамі касм. тэлебачання і апаратурай для сувязі з касманаўтамі. Рас. ЦКП створаны ў 1973, знаходзіцца ў г. Каралёў Маскоўскай вобл.; узаемадзейнічае з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў, НДІ, прадпрыемствамі ракетна-касм. комплексу, аналагічным цэнтрам у ЗША.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)